РусскийБеларускi

 

Государственное учреждение дополнительного образования

"Туристско-краеведческий центр Червенского района"

 

 

статистика посещений

Яндекс.Метрика

 

админ сайта

 

 


29.06.2017

Без чалавечнасці не будзе вечнасці

Сярод бязмежнага мноства нябесных свяціл, планет і зорак наша Зямля – маленькая  непрыкметная пылінка, і на гэтай пылінцы жыве чалавек. Але ці кожны з нас, насельнікаў прыгожай планеты Зямля, разумее, што трэба зрабіць, каб людзі сталі дабрэйшымі, а свет прыгажэйшым? Напэўна, не. Варта прыгадаць кадры тэлерэкламы, якія мы бачым штодня. Вось малады кіроўца аўтобуса з самазадаволенай ухмылкай  на твары закрывае перад маладымі жанчынамі дзверы сваёй машыны; вось ён ужо ў метро збівае з ног маладога хлопца, потым крыўдзіць бабулю – прадаўца кветак; а вось маладая пара  ў запале высвятлення адносін  пра існаванне маленькага чалавека – іх сына… Тое ж самае мы бачым і ў рэальным жыцці.

Усё гэта выклікае агіднасць, непрыемнасць і сорам. Кожны з нас павінен памятаць, што патрэбна быць чалавекам, любіць людзей, адчуваць сябе адказным за ўсё і ўсіх.

Хочацца нагадаць  словы народнага паэта Беларусі Пімена Панчанкі з верша “Ратуйце нашы душы”:

А моладзь – наш  народ.

Яны не госці.

Я раўнадушша зноў кляну са злосцю,

Звяртаюся да вас, нераўнадушных:

Хутчэй ратуйце маладыя душы!

Я неаднойчы задумвалася над пытаннямі:  “А што такое чалавечнасць?”, “Якім я бачу чалавека ХХІ стагоддзя?”, “Як жыць, каб не было сорамна перад нашчадкамі?”, “Што трэба зрабіць, каб людзі сталі дабрэйшымі, а свет прыгажэйшым?”

Я лічу, што знайсці адказы на гэтыя пытанні нам дапаможа Біблія. Кніга, напісаная нашымі продкамі, дорыць чысціню і вучыць дабру. Біблія – гэта светлы шлях да выратавання душ, да пазнання сумленнасці, дабрыні, любові.

А яшчэ вера ў Бога. Колькім людзям яна дапамагла прайсці праз невыносныя жыццёвыя выпрабаванні, застаючыся пры гэтым чалавекам, не азлобіцца, захаваць любоў у сваім сэрцы. Менавіта вера ў Бога стала надзейнай апорай у жыцці шматразовай Паралімпійскай чэмпіёнкі Людмілы Валчок.

Кожны раз, сустракаючыся з ёй, я бачу, як сваёй  дабрынёй, аптымізмам, любоўю яна  ўпрыгожвае жыццё. 

Людміла – чалавек з вельмі чулай душой. Знаходзячыся побач з ёй, пачынаеш верыць у тое, што на зямлі існуе дабрыня, пачуццё таварыскасці і справядлівасці.

Шлях ад каманды сярэдняй школы №2 г.п.Смілавічы да каманды зборнай краіны яна прайшла імгненна. Закончыла школу, паступіла ў Акадэмію фізкультуры і спорту, займала высокія месцы на чэмпіянатах Еўропы па лёгкай атлетыцы, стала майстрам спорту міжнароднага класа, пастаянна ўдзельнічала ў спартыўных спаборніцтвах у Швецыі, Галандыі, Партугаліі, Кітаі. Марыла пра выступленне на Алімпійскіх гульнях-2004 у Афінах. Але… Здарылася бяда, якая прыйшла вельмі нечакана. Папраўляючы антэну на даху інтэрната спартыўнага грамадства “Дынама”, дзе жыла Людміла, яна ўпала і зламала спіну.  Паралізаваную дзяўчыну адвезлі ў бальніцу.

Колькі слёз выплакала Люда! А з якой настойлівасцю і ўпартасцю яна спрабавала прымусіць пашавяліцца свае нерухомыя ногі.  Некалькі гадзін  брыгада ўрачоў працавала ля аперацыйнага стала. Напэўна, гэта былі галоўныя хвіліны жыцця Людмілы. Малітвы родных і блізкіх людзей дапамагалі ёй, падтрымлівалі маральна.

Людміла не ачарсцвела душой, не выказала крыўды на свой лёс, а яшчэ больш зразумела, што трэба жыць, трэба знайсці сваё  месца ў гэтым жыцці. “Пасля траўмы я пачала займацца сабой, трэніравацца  на спецыяльным трэнажоры, - прыгадвае яна на сустрэчы з вучнямі  нашай школы. – Вельмі хацелася займацца спортам, але, на жаль, ніхто з трэнераў не хацеў за мяне брацца. А чым я толькі не займалася: і штангай,  і плаваннем, і амрэслінгам! Чатыры гады была нікому не патрэбна.  Як жыць далей?! Для таго, каб жыць і заслугоўваць вечнае шчасце, патрэбна дабрыня Божая, якую я атрымлівала, наведваючы храм. Я і сёння люблю бываць у царкве Ляданскага  манастыра, які знаходзіцца непадалёку ад Смілавіч.

З Божай ласкі я пайшла ў рэабілітацыйны цэнтр для інвалідаў-калясачнікаў у Калодзішчах. І вось аднойчы мне патэлефанавала  Тамара Мікалаеўна Шыманская  і прапанавала займацца на санках. Спачатку я адмаўлялася. Нават мама жартавала: “Ну, Людка, усё ты ў мяне паспрабавала, толькі санак табе не хапае!”. Але Тамара Мікалаеўна не здавалася – угаварыла маму, а мама мяне. Я з’ездзіла ў Раўбічы, паспрабавала сябе ў гэтым відзе спорту, мне спадабалася. Пачаліся трэніроўкі, зборы ў Беларусі, Балгарыі, Нарвегіі”.

За кожным дасягненнем, кожным рэкордам, кожнай перамогай і медалём стаіць праца – настойлівая і ўпартая, праца да самай знямогі. Добра, што знайшліся людзі, якія не пакінулі дзяўчыну ў бядзе. Чалавечнасць патрэбна кожнаму, каб суцішаць боль, прыносіць радасць.

Пасля сустрэчы з Людмілай я праніклася пачуццём гонару за тое, што ёсць такія цудоўныя людзі, якія не зважаюць  на цяжкасці, не злуюцца на іншых, мараць  аб тым, як зрабіць жыццё лепшым і прыгажэйшым, як прынесці задавальненне людзям.  

Сёння многія дакараюць моладзь у эгаізме і нячуласці. Я не зусім згодна з гэтым.  На маю думку, кожнае пакаленне нясе ў сабе нешта карыснае і нешта разбуральнае. Нават у самым дрэнным з нас так многа добрага і так многа дрэннага ў лепшым з нас, што цяжка вылучыць каго-небудзь. Магчыма, калі мы паверым у чысціню другіх, то самі станем дабрэйшымі і іх выратуем.

Прыгажосць дорыць нам пачуццё захаплення, якое выклікае радасць, што пабуджае чалавека да дзеянняў, да творчасці. Такім чынам, дорыць жыццёвую энергію. Мне прыгадаліся такія радкі пра прыгажосць:

Как эта истина проста,

Что мир спасает красота!

Она как воздуха кристал,

Она страстей людских накал,

Она небес живых творенье,

Души святое потрясенье,

Ведь вней она рождает свет

И ничего важнее нет!

І нездарма такую Прыгажосць, якая па-хрысціянску азначае Дабро, абвяшчаў яшчэ ў ХІХ стагоддзі “выратавальніцай” свету пісьменнік Ф.Дастаеўскі.

Пройдуць гады, адно пакаленне людзей зменіцца другім. Магчыма, адбудуцца значныя перамены ў поглядах на тое, што адбываецца ў свеце, але ніколі  не пазбавяцца сваёй актуальнасці такія паняцці, як вера, любоў, дабрыня, міласэрнасць…. 

 Людміла Драпеза, загадчык філіяла ДУДА “Турысцка-краязнаўчы цэнтр Чэрвеньскага раёна”

 


         

 

ГУДО "Туристско-краеведческий центр Червенского района"

Адрес: г.Червень, пл. Свободы, д.1

Телефон: 8-01714-22345

 

Школа это место, где шлифуют булыжники и губят алмазы.(Роберт Ингерсолл)